КАМПАЗІ́ТНЫ О́РДЭР,

адзін з арх. ордэраў. Склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі з 18 ст. вядомы яго разнастайныя варыяцыі. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю і базай. Капітэль К.о. спалучае ніжнюю частку капітэлі карынфскага ордэра і іанічнай валюты. Над капітэллю — прафіляваная пліта абак, квадратная ў плане са зрэзанымі вугламі і ўвагнутымі бакамі. Над абакам — бэлька (архітраў), падзеленая на З паласы (фасцыі). Над архітравам фрыз, над якім выступаюць адна над адной паліцы карніза, дэкарыраванага мадульёнамі. Выкарыстоўваўся ў грамадз., культавай, палацавай архітэктуры барока, класіцызму і архітэктуры 1950-х г.

В.Ф.Валошын, С.А.Сергачоў.

Кампазітны ордэр. Капітэль порціка Гомельскага палаца.

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)